Витебское ПЛХО

Таямніцы старога Лучна

З-пад рыдлёўкі выскокваюць бліскучыя круглячкі. Так і ёсць – манеты! «Скарб», – адназначна заяўляе кіраўнік раскопак навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Марат Клімаў. А вось на горцы, што ўтварылася ад выкінутай зямлі, яшчэ адно сведчанне таго, што манеты захоўваліся разам – кавалачак радна і драўляная трэска. Сумненняў не застаецца – зямля аддала яшчэ адзін скарб старога Лучна.

Карэспандэнт «ВП» «захапіў» апошні дзень экспедыцыі, якая працавала на самым вялікім у гэтым годзе (1130 квадратных метраў) раскопе Беларусі. Археалагічныя раскопкі былі «аварыйнымі» – на гэтым месцы запланавана будаўніцтва Полацкай электрастанцыі. Таму адкрыць таямніцы Лучна (вёскі, што знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Полацка) трэба было паспець як мага больш поўна. У ліпені тут працавалі каля 100 чалавек – студэнты-практыканты ВДУ, ПДУ і БДУ. Таксама былі і валанцёры, якія працягнулі раскопкі ў жніўні.

У верасні людзей да крыўднага мала. Таму радыя кожным рабочым рукам. І валанцёры едуць – на дзень, на два, на выходныя. Кароткі інструктаж для навічкоў (як трэба здымаць слаі і перабіраць зямлю, як адрозніць культурны слой ад жоўтага мацерыковага пяску) – і можна пачынаць.

Нібыта дражнячы археолагаў, у апошні дзень зямля аддае адну рэч за другой: два пахаванні, бубенчык, пярсцёнак, кавалак ранняга скандынаўскага крыжа... «Яшчэ не даследавана каля 2000 квадратных метраў, – дзеліцца Марат Васільевіч. – Мы шчыра спадзяемся, што будаўніцтва Полацкай электрастанцыі не пачнецца ў гэтым годзе. І можна будзе яшчэ адзін сезон пакапаць у Лучне».

Гэтыя раскопкі асабліва цікавыя. Бо феадальны комплекс «Лучна» складаецца з некалькіх асобных археалагічных комплексаў. Гэта – феадальная сядзіба, якая існавала з XI па XVI стагоддзі, комплекс вясковых могілак XVI-XVII ст. і грунтовы могільнік, хутчэй за ўсё XIII ст., які быў адкрыты ў гэтым годзе пасля даследвання плошчы на помніку Лучна. І кожны гістарычны пласт багаты на ўнікальныя знаходкі. Як па кнізе, чытаюць па іх археолагі даўнюю гісторыю сядзібы.

«У гэтым годзе было знойдзена каля 15 манет, – расказвае Марат Клімаў. – Гэта пражскія грошы, дынарый Вітаўта Вялікага. Па іх можна прасачыць лёс сядзібы. А ён быў сапраўды няпросты і цікавы. Першы этап жыцця на сядзібе завяршыўся ў канцы XII – пачатку XIII ст. Праз пажар. Хутчэй за ўсё – гэта было ваеннае ўварванне – міжусобныя войны, якія ішлі паміж феадаламі ў часы раздробленасці. Пасля гэтага і ўтварыўся першы могільнік, які існаваў пэўны час, а потым заняпаў. У XV – пачатку XVI ст. сядзіба адрадзілася на месцы могільніка. Асноўныя пабудовы размяшчаліся крыху далей ад Дзвіны, таму могільнік часткова не быў закрануты гэтай сядзібай. Але людзі жылі і, відаць, не ведалі, што жывуць побач з пахаваннямі. Некаторыя магілы знаходзяцца літаральна за 1-2 метры ад жылых дамоў. Потым, у пачатку XVI ст., сядзіба, відавочна, была разрабавана наўгародцамі і пскавічамі падчас аднаго з паходаў на Полацк. Гэтыя атрады арудавалі ў прылеглых мясцовасцях і спальвалі і рабавалі ўсё, што было навідавоку. Пасля гэтага ўтварыліся новыя могілкі.

А яшчэ знойдзена прыстань, якая схавана ў Дзвіне і ўяўляе сабой штучны насып. Яна датуецца як мінімум XV ст. Менавіта ў гэты час падзвінскія феадалы пачалі актыўна гандляваць з замежжам. Асабліва з Рыгай і Гданьскам. І калі Гданьск быў у асноўным вотчынай нёманскіх гандляроў, то тавары на Рыгу сплаўляліся па Дзвіне. Стругі (лодкі грузапад’ёмнасцю 1,5-2 тоны) везлі зерне ў Еўропу. Хутчэй за ўсё ўладальнікі сядзібы займаліся і транзітным гандлем. Віцебску забараняўся прамы гандаль з Рыгай, таму не выключана, што тавар перагружаўся менавіта тут.

Упершыню ў археалогіі Беларусі дакладна фіксуецца падводная прыстань. Пабудавана яна з камня, пяску і гліны. Магчыма, мае і драўляныя канструкцыі. Прыстань размяшчалася перпендыкулярна да берага, і гэта першая прыстань, якая зафіксаваная археалагічна, а не проста ўзгадана ў дакументах. Пасля ледаходу на гэты насып ставіліся драўляныя масткі. Так загружаліся караблі. І вось літаральна сёння мы шукалі, і вельмі вялікая верагоднасць, што знайшлі, дарогу да гэтай прыстані. Яе рэльеф захаваўся да нашага часу».

Пасля абеду ў археолагаў кароткі адпачынак. Ля вогнішча збіраюцца насельнікі лагера, каб за кубкам гарбаты пажартаваць, падзяліцца ўражаннямі, атрымаць заданні. Яшчэ раз пераконваюся, наколькі незвычайная і нечаканая навука – археалогія. З аднаго боку – дакладна вывераная па дакументах і летапісах, з другога – багатая неспадзяванкамі. Вярнуўся валанцёр на раскоп, прайшоўся па квадраце, які толькі што старанна перакапалі і прасеялі ягоныя калегі, – і зусім нечакана для сябе і астатніх знайшоў пярсцёнак. Дзіўна? Для Марата Васільевіча – зусім не. Такія рэчы ён тлумачыць «чалавечым фактарам» і расказвае зусім дзіўную гісторыю знаходкі самой сядзібы ў Лучне: «Насамрэч мы шукалі манастыр святога Міколы на Лучне (або святога Міколы Лучынскага). Мы думалі, што вёска Лучна звязана з гэтай назвай. Некалькі аднайменных вёсак прывязаны да гэтага месца, сустракаюцца ў дакументах XVI стагоддзя. Таму мэтанакіравана выйшлі сюды і сталі абследаваць левы і правы бераг Дзвіны. Манастыр, як бачыце, не знайшлі. Затое па левым беразе ракі нас чакаў такі сюрпрыз!»

Сюрпрызам знаходка была і таму, што ў рэвізіі 1552 года Полацка, дзе згаданы ўсе ўладальнікі, іх сядзібы і ўсё, што магло б ім належаць, няма ніякіх звестак аб чалавеку, які б валодаў так званым дваром у Лучне. А двор быў вельмі заможны. Пра гэта сведчаць раскошныя для таго часу рэчы, якімі валодалі яго гаспадары. Каманда Марата Клімава знайшла тут падарожную шахмату, шмат засцёжак ад зусім не танных на той час кніг. Тут была знойдзена віслая пскоўская пячатка 1424–1425 гадоў, якая належала пскоўскім пасаднікам і ўказвала на сур’ёзнасць гандлёвых сувязяў.

Археолаг, безумоўна, галоўны чалавек на раскопе. Але кантраляваць кожны квадрат немагчыма фізічна. Таму, капаючы сваю тэрыторыю самастойна, адчуваеш сябе крышку першаадкрывальнікам. Побач – крыху больш вопытныя такія ж першаадкрывальнікі дзеляцца амаль прафесійнымі сакрэтамі: з’явіліся жаўтавата-белыя крупінкі – недзе побач косці, капаць трэба вельмі акуратна, вузкая і доўгая паласа цёмнага пяску можа быць зусім не культурным слоем, а звычайным кратовым ходам, але калі ідзе жоўты пясок, а ў ім усё яшчэ трапляюцца вуглі ад пажару і керамічныя чарапкі, – шукай далей.

Нясмела пытаюся, ці цяжка адрозніць ад звычайнай керамікі рэйнскі каменны тавар – спецыфічны посуд XV-XVI ст., якога тут знайшлі даволі шмат. «Калегі» смяюцца. Канешне, розніца бачна адразу. Рэйнскі посуд, дарма што роблены амаль шэсць стагоддзяў таму, нічым не саступае сучаснаму. Тонкі, але надзіва шчыльны. Спецыфічнага колеру. У лагеры мне даюць патрымаць тое, што засталося ад вельмі дарагой рэйнскай пасудзіны. Чарапок сапраўды адметны. Ляжыць на руцэ, як пасланне з далёкага мінулага, якому ёсць што расказаць нам, сённяшнім.

Мяккай коўдрай апускаецца на археалагічны лагер ноч. Ужо заўтра намёты і навесы будуць прасушаны і схаваны. Бывай, Лучна. Так хочацца спадзявацца, што ненадоўга. Да наступнага лета.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ. Фота аўтара, «ВП».



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version