Витебское ПЛХО

Мінорны маналог паэта

8 верасня ў абласной бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з беларускім паэтам Генадзем Бураўкіным (на фота). На вечарыну сабралася поўная зала. Яно і не дзіўна. Вершы Генадзя Мікалаевіча ведаюць нават тыя, хто не лічыць сябе прыхільнікам беларускай паэзіі. Варта ўзгадаць, што ягонаму пяру належаць тэксты знакамітых песень «Зачарованая мая», «Конь незацугляны», «Белы снег»… Прыгожыя, светлыя радкі, напісаныя лірыкам ад Бога. Ён жа шчыра ўсміхаўся, чытаў свае вершы і дзяліўся жыццёвымі назіраннямі – трапнымі і нечаканымі, сапраўды паэтычнымі:

– Сучасныя выканаўцы эстраднай песні сталі вельмі самаўпэўненымі. Думаюць, што могуць абысціся без паэта і кампазітара, усё зрабіць самастойна. Вось і нараджаюцца тэксты, якіх бы сабе не дазволіў самы слабы паэт… А аўтараў вершаў у песнях наогул называць стала не модным. Дык я б хацеў папрасіць: не хочаце казаць майго прозвішча – не кажыце. Скажыце, што словы народныя. Я ніколькі не пакрыўджуся.

«Народныя тэксты» Генадзя Мікалаевіча рознымі шляхамі становяцца песнямі. Але самае прыемнае, лічыць паэт, калі музыка пішацца адмыслова на пэўны верш. Хаця, напрыклад, для любімай ужо не адным пакаленнем «Калыханкі» найперш была створана музыка.

Ніколькі не адарваны ад сучаснага літаратурнага працэсу, па просьбе чытачоў Бураўкін пералічыў найбольш сімпатычных, на ягоны погляд, маладых літаратараў. У спісе паэтавых сімпатый – Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль, Лера Сом, Людміла Сіманёнак:

– Магчыма, кагосьці з маладых і таленавітых я ўпусціў. Цяпер выходзіць процьма кніг. На жаль, сярод іх шмат макулатуры. Гэта раней трэба было дачакацца сваёй чаргі ў выдавецтве. Зараз дастаткова мець грошы. Магчыма, у гэтым «моры» я мог упусціць нейкія «залацінкі».

З вялікім непрыхаваным болем, які зусім не падобны на звычайнае старэчае «а вось у наш час…», узгадваў паэт працу на беларускім тэлебачанні, якому аддаў цэлых 12 год жыцця:

– Цяпер няма нацыянальнай праграмы. А мы ў свой час так імкнуліся яе стварыць… Затое ёсць праграма тэлебачання. І яна, на жаль, даўно перастала быць часткай беларускай культуры.

Мінорныя вершы, не вельмі вясёлыя маналогі. Такі паэтавы настрой. Відавочна, часовы. Бо нават сумныя «Лісты да запатрабавання» нечакана прарастаюць бадзёрым, амаль юнацкім аптымізмам:

Віна жыцця ўсё не магу напіцца…

Не прапусціў ніводнага кілішка,

А ўсё яшчэ не адчуваю лішка

І не магу здаволена спыніцца.

У наступным верасні Генадзь Мікалаевіч адзначыць свой 75-гадовы юбілей. Паэт ахвотна згадзіўся з чытачамі, што гэта – цудоўная нагода для новай сустрэчы з землякамі ў Віцебску.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ, «ВП». Фота аўтара



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version