Витебское ПЛХО

З «Рэшты»

Уладзіміру Папковічу – 75. Цяжка даць веры. Ну, 60-65 – хай сабе, але 75 – ані. Не павераць ні студэнты, ні чытачы. Бо – вось яна, ягоная заўсёдная іранічная ўсмешка. Дый чорцікі ў вачох скачуць. Нядбайлаўскія. Сівая, але густая шавялюра. Вось жа і не вер тады ў тое, што паэты маюць уладу над часам…

“Рэшта”. “Не пытайся, чаму я такі, не шукай, дзе прычыны і фактары… Пераблыталіся вякі у душы маёй і ў характары…” – з такіх радкоў пачынаецца пятая паэтычная кніжка Уладзіміра Антонавіча “Рэшта”, якая ўбачыла свет якраз напярэдадні юбілею. Невялічкага фармату, са святым Феліксам на вокладцы. Яна ўражвае перадусім сваёй адкрытасцю і яснасцю пачуццяў (“Сілу Боскай магутнай рукі зведаў я і сябе не хаваю”). Кніга аб супрацьстаянні часу і вечнасці, творцы і зграі, спакою і мітусні, кахання і нянавісці. Але над-паміж усім – свеціць надзея (“іскрынка кволае надзеі”).

“Рэшта – гэта не толькі тое, што ў нас застаецца наастачу, але й тое, што я павінен яшчэ людзям, тое, што ім аддаю… “Рэшту” складаюць у асноўным вершы, напісаныя сёлета і ў апошнія месяцы мінулага года. То бок у такі час, калі ўжо сядзіш дома і думаеш пра жыццё. Калі складаюцца радкі... Гэта чыстая лірыка, чыстыя душэўныя перажыванні”, – кажа Уладзімір Папковіч.

Узрост. “Ці адчуваю сябе на 75? Калі шчыра, дык фізічна – так. Але ў душы не верыцца: няўжо гэта я? Няўжо гэта я пражыў гэтыя 75 гадоў і ўжо такі стары? Бо калі ты знаходзішся сярод моладзі, студэнтаў – дык адчуваеш сябе роўным, як быццам 50 гадоў таму…” – распавядае юбіляр. “І мне таксама хочацца гармоніі душы і цела, жарсці й чысціні…” – піша ён у сваім паэтычным зборніку. Як жа дамагчыся той гармоніі, калі над целам валадарыць час?

Час. “Час памяняўся вельмі моцна. У 50-60 гады, у першую “адлігу”, мы жылі з надзеяй. Было, канешне, усякае. Але здавалася, што заўтра ўсё-ткі будзе лепш. Што будзем жыць у гармоніі самі з сабой, і з уладай, і з грамадствам. І ўсё ў нас атрымаецца. А цяпер? Нікне надзея. Дык як тады дамагчыся гэтай гармоніі, калі ўсё памянялася? “Памкненнне да зорак” – гэта, можа, і неапраўданы рамантызм, але гэтага шмат засталося ў нашага пакалення…” – гаворыць аўтар “Рэшты”. Адзін з вершаў кнігі пачынаецца так: “Не, я заблудзіўся не ў прасторы – час, куды я трапіў, мне чужы…”

Раскоша. “Ніхто нічога не чытае. Пытаюся сваіх студэнтак, што чытаеце – нічога, адказваюць. А раней – тоўстыя часопісы: Салжаніцын, Айтматаў, Прыстаўкін… Чыталі, спрачаліся. А цяпер – што? Няхай будзе выдадзены самы рэвалюцыйны раман – хіба пара інтэлігентаў спытаюцца адзін у аднога: а ты чытаў? І ўсё. Бо цяпер пытанні такія: дзе ты працуеш і колькі зарабляеш? Ты ж бачыш, чалавек пражыў усё жыццё – і што нажыў?” – Уладзімір Антонавіч абводзіць рукамі ўтульны пакойчык. Кнігі, кнігі, кнігі. А на сценах – гуменаўскія акварэлі. Зрэшты, у сваёй кнізе ён дае адказ на гэтае “што нажыў?”: “Ні славы, ні грошай… Я не наўчыўся дабро набываць. Затое валодаю мудрай раскошай: на беды не скардзіцца, звягі трываць”.

Парнас. Перакладчык на нямецкую мову беларускага “Тараса на Парнасе”, ён лічыць, што сапраўднага літаратурнага Парнаса вартыя перадусім Караткевіч ды Быкаў. Яшчэ – Багдановіч. Магчыма, Максім Гарэцкі, Анатоль Сыс. Сярод сучаснікаў найбольш цэніць Рыгора Барадуліна (“Талент Барадуліна непараўнальны”). Потым да “алімпійшчыкаў” дадае і Разанава. “Але ў Нямеччыне ніхто ўвогуле намі не цікавіцца, нічым беларускім. Ведаеш, ім, мусіць, прасцей было б, каб мы былі ў Расіі. Ім было б лягчэй. Рускую мову многія вывучылі. А беларускую… а нашто яе вучыць?”

Нямецкая. Уладзімір Папковіч шмат выкладаў (і выкладае дагэтуль) нямецкую літаратуру. Мову Гётэ і Гесэ ведае амаль дасканала. Ягоныя пераклады ўвайшлі ў тоўстую “анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст.” “Галасы з-за небакраю” (2008). Зараз ён супрацоўнічае з інтэрнет-часопісам “Прайдзісвет”, пераствараючы на матчыну мову казкі Гаўфа, Гофмана. Прызнаецца, што нямецкая мова (як і літаратура) паўплывала і на ягоныя асабістыя якасці: “Можа, гэта і не ад немцаў, а ад прафесіі, бо заўсёды па званку працаваў. Але вельмі не люблю, калі спазняюцца. Не люблю, калі дамовіліся – і не адбылося. Калі слова даў – дык рабі ўжо. Не люблю, калі кажуць, каб толькі сказаць, калі баяцца адмовіць…” І – наконт літаратурных уплываў: “Я вельмі шмат чытаў. Змалку. Начытаўся і рускай, і беларускай паэзіі. Потым – нямецкая літаратура, паездкі ў Нямеччыну. І ўсё гэта неяк складаецца ў адно, становіцца сваім. Мне здаецца, што, каб я ведаў толькі беларускую паэзію ці там рускую савецкую, то пісаў бы інакш…”

Маладосць. “З узростам усё змянілася, але я малады быў вельмі бесталковы… Усё залежыць ад волі. Калі моцная – дык жывеш як запланавана. А калі не – так-сяк. Ці лягчэй пішацца з гадамі? Якое цяжкое пытанне… У маладога да мяне, па-мойму, наогул радкі не прыходзілі. Зусім іншыя думкі былі. Я ўвогуле думаў тады, што калі стану літаратарам, дык – празаікам. Пачынаў з гумарэсак. Але я ніколі не быў сістэмным чалавекам. Вось у чым справа. Не быў дысцыплінаваным, каб сесці і працаваць. А цяпер радкі прыходзяць... Будзь адзін – парада для ўсіх мастакоў. Не лезь ты ў гэтыя тусоўкі. Будзь самім сабой…”

Даведка “ВП”: У.А. Папковіч нарадзіўся 25 сакавіка 1935 года на Вілейшчыне. Паэт, празаік, перакладчык. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1981). Лаўрэат прэмій “Сузор’е муз” (2002), імя У. Караткевіча (2004). Аўтар паэтычных зборнікаў “На досвітку” (1978), “Зерне” (1982), “Самы кароткі цень” (1988), “На тым стаю” (2004), “Рэшта” (2010), а таксама кнігі гумару “Вы будзеце смяяцца” (2009), якую выдаў пад псеўданімам Ахрэм Нядбайла. У перакладзе Папковіча з нямецкай мовы выйшлі кнігі І. Бехера “Вяртанне да сябе”, Ф. Шылера “Вільгельм Тэль”, Р. Крафта “Востраў без маяка” (1987), Э. Рэмарка “Тры таварышы” (1994) ды іншыя.

Зьміцер КАЗАКЕВІЧ, “ВП”. Фота аўтара.

***

Зноў вяртаюся з падарожжа,

а няўпэўнены быў, ці вярнуся…

Са слязамі шапчу: “Як прыгожа

на Радзіме маёй – Беларусі…”

Быццам бы аніколі не бачыў

нашых вёсачак, нашых палеткаў,

“мерседэсаў” ля новых дачаў

і з грыбамі мурзатых падлеткаў.

Гэта ж наша ўсё – і прысады,

і цялё, што за студняй пасецца,

і на возе малыя, што рады,

як пад імі той воз трасецца.

Тое ж самае ўсё – ды не тое,

Беларусь мая твар свой змяняе.

Хай жа боскае ў ёй, святое

цень ніякі не засланяе.

***

Ужо і сонейка ўставала,

калі мы выйшлі з-за стала.

Размова жорсткая была.

Абодвум словаў не хапала.

Спрачаліся: дабро ці зло

дужэйшае – што пераможа,

як перажыць навалы гожа,

душа ёсць цемра ці святло?

І ўвогуле, які ў тым сэнс,

што мы ўсё лепшага чакаем.

а рэчаіснасці ўнікаем,

бо рэчаіснасць – гэта стрэс.

І ясны дзень настаў даўно,

А мы спрачаліся бясконца.

Гуляла колерамі сонца

Праз недапітае віно.

(З «Рэшты»)



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version