Витебское ПЛХО

Пра што расказаў Круглік

У выставачнай зале “Духаўскі круглік” прачытала лекцыю кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта Таццяна Станіславаўна БУБЕНЬКА.

З вялікім сорамам прызнаюся, што па заданні рэдакцыі наведала Духаўскі круглік упершыню. Раней неяк не натхняла ідэя зайсці ў будынак, як на мой погляд, занадта сучасны для таго, каб уяўляць нейкую гістарычную цікавасць. І вялікім адкрыццём для мяне было тое, што першы ўзровень стылізаванай вежы хавае падмурак каменнай кладкі XIV стагоддзя. Як адкрыццём была і вялікая колькасць цікавай інфармацыі, пачутай падчас выступу археолага – навукоўцы, якая літаральна “прамацала” кожны сантыметр віцебскай зямлі.

Пераказваць лекцыю спецыяліста – няўдзячная праца. Таму падзялюся найбольш эмацыянальнымі “месцамі” экскурсіі.

Ці была Вольга?

Ужо не аднойчы ў горада спрабавалі адабраць прыгожую легенду аб княгіне – заснавальніцы горада над Дзвіной. Археолаг Таццяна Бубенька, у сваю чаргу, наогул катэгарычна яе абвяргае. У 974 годзе не было ў Віцебску ніякай Вольгі, сцвярджае археолаг. Не было па той простай прычыне, што да гэтага часу княгіня памерла. Затое тут былі паселішчы куды больш старажытныя, датаваныя яшчэ жалезным векам. І, калі Вольга (хутчэй за ўсё, у 940-я гады) наведала іх, то, як жанчына практычная, не магла не адзначыць для сябе выгаднае іх размяшчэнне. Скрыжаванне гандлёвых шляхоў “з вараг у грэкі” і “з вараг у персы” абяцала немалыя выгоды. Вось і пакінула ў гэтым месцы Вольга невялікую дружыну, якая магла збіраць даніну з падарожных гандляроў. Магчыма, гэта і было штуршком для таго, каб з разрозненных паселішчаў узнік горад. Але казаць аб тым, што ён быў “закладзены Вольгай”, прынамсі, не кампетэнтна.

Цяпер цалкам відавочна – горад Віцебск куды больш старажытны, чым уяўлялася раней. І гэты факт даражэй любой легенды. Хай сабе і самай прыгожай.

Дзе ты, круглік?

Ніжні замак (зараз раён гасцініцы “Віцебск”, Дабравешчанскай царквы, гандлёвага цэнтру “Марка-сіці” і плошчы Свабоды) доўга не даваў спакою Таццяне Станіславаўне. Хай сабе ён і сапраўды быў драўляны, як лічылася раней, але ж так хацелася знайсці хоць бы земляны вал. Зіма прайшла пад знакам сумяшчэння планаў Віцебска, вылічэння адлегласці пры дапамозе розных сажняў: там – не хапала, там заставалася. І вось вясной

1983 г. Міхась Ткачоў і Таццяна Бубенька пачалі капаць. У кожнага былі свае меркаванні наконт месцазнаходжання сцяны, ніхто не хацеў саступаць. Таму і заклалі адразу два шурфы. І не так засмучалі кожнага свае няўдачы, як радавалі няўдачы суседа. Далейшая гісторыя – амаль анекдатычная. Дзень так і не падарыў знаходак. Затое ноччу, пад моцным дажджом, абваліўся кавалак зямлі і адкрыў каменную кладку кругліка. На сённяшні дзень яна з’яўляецца ў Беларусі ўнікальнай. Такія аўтэнтычныя каменныя сцены (з крыху іншай кладкай) засталіся хіба што ў Навагрудку. Аналаг Духаўского кругліка, як адзначае Таццяна Бубенька, – толькі руіны замка ў Крэва.

Круглік можа і распавядаць. Вось слой попелу – у Віцебску быў моцны пажар. А вось самая тоўстая сцяна, на ўсходзе, бо менавіта там быў галоўны вораг ВКЛ – Маскоўскае княства. У вежы не было падмурку – значыць, варта пакапаць пад ёю. Рэшткі сядзіб X-XII стагоддзяў не даюць ёй “прасесці”.

Муры замка даволі доўга абаранялі Віцебск. У XVII стагоддзі, калі без перапынку ішлі войны з Масквой, адбудоўваць каменны замак не было сэнсу. Тым не менш падмуркам для драўляных вежаў сталі рэшткі вежаў каменных.

Чаму круглік не аднавілі, а «закансервавалі»?

Таццяна Станіславаўна не бачыць нічога дрэннага менавіта ў такім лёсе Духаўскага кругліка: “Звярніце ўвагу на Дабравешчанскую царкву. Што засталося ад XII стагоддзя пасля аднаўлення? А тут перад вамі закансерваваныя рэшткі вежы. Яны менавіта ў такім выглядзе і адкрыліся археолагам”.

Ёсць куды больш непрыемныя рэчы. Таццяна Бубенька з некаторай настальгіяй узгадвае часы былога СССР. Тады гарадскі бюджэт мог выдаткоўваць грошы на вывучэнне пляцоўкі, дастатковай, каб пабачыць агульную карціну таго ці іншага месца. Цяпер жа археолагам адводзяць строга абмежаваныя плошчы: маўляў, капайце адгэтуль датуль, а асфальт дзеля навукі ніхто ламаць не будзе... Дый памочнікі ў археолагаў ужо зусім не тыя. Школьнікі 80-х маглі гадзінамі сядзець і з амаль ювелірнай стараннасцю выбіраць пацерынкі з грунтовых вод. Цяпер жа на раскопкі прыходзяць беспрацоўныя со службы занятасці. Для іх галоўнае – перавярнуць кубаметры зямлі, а не знайсці, напрыклад, усе фрагменты унікальнай пасудзіны.

А яшчэ марыць археолаг пра музей “Старажытны Віцебск”, дзе можна было б выставіць усё, што знойдзена і захавана.

Віцебск – горад унікальных перспектыў

Менавіта такое ўражанне склалася ў мяне пасля лекцыі Таццяны Станіславаўны. Адзіная ў Беларусі карчма XVII стагоддзя знойдзена менавіта ў Віцебску. Унікальныя драўляныя падклеты знаходзяць тут у немалой колькасці. Золата-шкляныя пацеркі – геніяльная падробка мясцовых майстроў пад “заморскія ўзоры”, бранзалеты, пярсцёнкі... А колькі яшчэ можа расказаць віцебская зямля? І як важна не ўпусціць час сабраць раскіданыя камяні, каб знявечаная, неаднойчы перапісаная беларуская гісторыя не згубіла тое, што яшчэ магчыма ўратаваць.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ, “ВП”. Фота аўтара



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version