Витебское ПЛХО

Жывы кантакт з залай

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, акцёр коласаўскага тэатра Вячаслаў Грушоў гэтымі днямі адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Гэта і стала падставай для шчырай размовы аб жыцці і тэатры.

Даведка «ВП»:

Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Георгіевіч Грушоў нарадзіўся ў 1950 годзе ў Лагойску ў сям’і настаўнікаў. У 1971 годзе закончыў тэатральна-мастацкі інстытут (курс В.Маланкіна). Па размеркаванню трапіў у тэатр імя Якуба Коласа, дзе працуе па сённяшні дзень. Акрамя працы на сцэне, выступаў у якасці рэжысёра спектакляў «Жарты», «Кветкі-ягадкі» В.Ткачова, «Пазычанае шчасце» Ф.Палачаніна і інш.

Скажыце, калі ласка, у якім стане зараз знаходзіцца беларускі тэатр?

– На мой погляд, стан гэты не катастрафічны, але і не вельмі добры. У такім жа стане знаходзіцца зараз само жыццё. Яны адлюстроўваюць адно аднаго: жыццё – тэатр, а тэатр – жыццё.

Праблема сучаснага тэатра ў тым, што на нейкім этапе свайго развіцця мы страцілі сувязі з літаратурай, з жыццём. Праваронілі перыяд, калі трэба было знаходзіць новыя таленты, якія, у сваю чаргу, не знаходзілі нас. Тэатр фактычна раз’яднаўся з літаратурай і драматургамі. Канечне, гэтую літаратурную нішу можна запоўніць. Скажам, класікай, замежнай драматургіяй. Але адсутнасць нацыянальнага, таго, што вылучала б і адрознівала беларускі тэатр ад усіх іншых, зробіць яго незапатрабаваным. Знакаміты драматург Макаёнак, каб напісаць п’есу, прыходзіў у тэатр імя Янкі Купалы на рэпетыцыі. Глядзеў на артыстаў, глядзеў, як нараджаецца спектакль. Для сябе адзначаў, якія рэчы трэба пісаць, для каго, у якім плане. Таму ён быў сучасны, патрэбны. Караткевіч чытаў свае п’есы для трупы нашага тэатра. Стараўся зразумець стаўленне артыстаў, выслухаць заўвагі і ўлічыць іх. Дудараў ехаў у Віцебск, каб прапанаваць свае новыя творы. Гэта і была ўзаемасувязь літаратуры і тэатра. Гэта трэба аднаўляць.

І яшчэ адна праблема – з мовай. Мала хто размаўляе па-беларуску штодзень. Таму мова развіваецца слаба. Мова павінна закладвацца з дзяцінства ў падкорку і станавіцца неабходнай часткай чалавечых зносін. А калі няма такога падмурка... Сапраўднай, глыбокай паэзіі, як у Багдановіча, літаратуры Быкава, Мележа, драматургіі Крапівы, Макаёнка, Матукоўскага да крыўднага мала. Можа, такую літаратуру трэба добра пашукаць, можа – проста дачакацца...

А ці патрэбны Беларусі прыватныя тэатры?

– Думаю, што надышоў такі перыяд, калі яны павінны нарадзіцца. Хаця гэта вельмі складана. У прыватным тэатры трэба знайсці свой аўтарскі голас, каб размаўляць з гледачом сваім болем, сваёй душой, сваім поглядам. Вось тады такі тэатр будзе мець поспех. Калі ж гэта рабіць, спрабуючы зарабіць грошы або задаволіць амбіцыі, – такі тэатр доўга не пражыве.

Што асабіста Вам хацелася б сказаць са сцэны зараз?

– Дыяпазон маіх роляў з узростам, як гэта ні сумна, звужаецца. Гэта заканамерна. Але накоплены вопыт сустрэч з людзьмі даў багаты плён. Мне пашанцавала працаваць з добрымі рэжысёрамі, з цікавымі партнёрамі на сцэне. У сваім тэатры я маю цудоўных калег. Бо трупа коласаўскага тэатра – гэта сапраўды нацыянальны здабытак. Знайсці годнага чалавека для такой трупы – вельмі складаная рэч. Калі такія людзі з’яўляюцца – іх трэба берагчы, даваць шанец выказацца са сцэны, самавыявіцца.

Вельмі ўдзячны за вопыт працы з класічнай драматургіяй у спектаклях Ю.Лізянгевіча. Ён, без перабольшвання, – майстар класічнага рэпертуару. А, напрыклад, Міхась Краснабаеў можа цікава паставіць і камедыю, і трагедыю, і лірыку, і глыбока нацыянальныя творы. З такімі людзьмі я працаваў шмат год. І цяпер маю патрэбу гэтым дзяліцца. З артыстамі, з гледачом.

Вельмі хочацца аддаваць. Мне пашанцавала мець такую магчымасць на фестывалі «Школьны тэатр» (праводзіцца ў тэатры ім. Я.Коласа – заўв. «ВП»). Дапамагаючы моладзі, я аддаю тое, што маю. І адчуваю каласальную зваротную сувязь. Юныя артысты дзеляцца сваёй энергетыкай, поглядамі. Гэта ўзбагачае мяне і як творцу, і як асобу.

Вы працавалі ў тэатры і як рэжысёр...

– На гэтую прафесію ў мяне ёсць свой погляд. Рэжысёр павінен быць лідэрам тэатра, умець знайсці кантакты з трупай – такім чалавекам быць неверагодна цяжка. Але самае галоўнае – неабходна, каб людзі яму давяралі. У свой час мне пашанцавала прысутнічаць на рэпетыцыях у тэатры Таўстаногава БДТ. Гэта – вялікі рэжысёр і педагог. У сваіх гутарках з намі ён вучыў, што рэжысёр павінен дапамагаць артысту раскрывацца, адчуваць сябе на сцэне асобай, а не імітатарам. І мне здаецца, што ў сваіх рэжысёрскіх спробах я скарыстаў гэтую параду. Я не лічу сябе сапраўдным рэжысёрам. Бо далёка мне яшчэ да таго, каб наблізіцца да майстэрства. У рэжысуры можна удасканальвацца ўсё жыццё, але так і не зведаць яе да канца.

У Варшаве каля 100 тэатраў. Ці прыйдзем мы калі-небудзь да такога ўзроўню?

– Я думаю, што беларускі тэатр вернецца (як ужо вяртаецца польскі) да вытокаў, з якіх ён пачынаўся. Да маленькіх труп, да антрэпрызы, да спектакля аднаго акцёра. Рэпертуарны тэатр, які мы маем у Беларусі на сённяшні дзень, развіваецца не так імкліва, як хацелася б. А калі ўсім гэтым тэатрам ў Варшаве знайшлося месца, значыць, яны запатрабаваныя, жывыя...

Як толькі пачынаеш размаўляць з гледачом на ўзроўні душы, адчуваеш незвычайнае паразуменне. А для такой размовы патрэбны найперш свае, нацыянальныя, сучасныя тэмы і праблемы. Свая якасная літаратура. Тэатр актуальны тады, калі на сцэне жывыя людзі, жывое мастацтва. Жывы кантакт.

Вікторыя ДАШКЕВІЧ, «ВП». Фота з архіва тэатра

НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version