Витебское ПЛХО

Коласаўцы адыгралі новы «Квартэт»

Новы сезон

Новы тэатральны сезон распачне 5 кастрычніка Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.

Юбілейны, 85-ты, сезон па традыцыі адкрыецца «Несцеркай». Але ўжо 26 верасня адбылася першая прэм’ера – пастаноўка мастацкага кіраўніка тэатра Рыда Таліпава п’есы Рональда Харвуда «Квартэт».

Аўтар твору больш вядомы як сцэнарыст фільма Рамана Паланскі «Піяніст» («Оскар» за лепшы сцэнарый 2003 года). Музычная тэма становіцца лейтматывам і «Квартэту». Чатыры згаслыя оперныя зоркі трапляюць на схіле жыцця ў так званы «дом ветэранаў сцэны» (іншымі словамі – дом састарэлых). «Зрынутыя багі сцэны» Сесіль (Святлана Акружная), Рэджы (Віктар Дашкевіч), Уіл (Рыгор Шацько) і Джын (Тамара Скварцова) знаходзяць у сабе сілы жыць, а не бязвольна згасаць. У юбілейны вечар Вэрдзі яны, як у лепшыя гады, збіраюцца спець (хай сабе і «пад фанеру») квартэт з «Рыгалета». Гэта вяртае іх і на сцэну, і ў жыццё.

«Вось гэты выхад на сцэну для іх – скачок у свет мастацтва, у боскую музыку. Вось аб гэтым, напэўна, я й раблю спектакль – пра тое, што ў кожным узросце можна знайсці справу, якая чапляе на жыццё… якое з намі сёння, заўтра, пастаянна. І героі знайшлі справу – таму яны будуць жыць…» – гэтак трактуе п’есу рэжысёр спектакля Рыд Таліпаў.

У гэтай «кранальнай гісторыі» (так пазначаны жанр) высокае пераплятаецца з нізкім, развагі аб мастацтве суседзяць з жартамі ніжэй пояса, а ўспаміны – з рэальнасцю. А на іх скрыжаванні – гучыць музыка (сапраўды – боская), якая, цытуем аднаго з герояў, «не мае сэнсу, калі не выводзіць з адчаю».

Ратаваць ад адчаю – мэта самой пастаноўкі. Мяркуем, яна тае мэты дасягнула. Але і паставіла цвярозае пытанне: «Цікава: што мы будзем рабіць, калі ўсё гэта скончыцца?..» (Уіл).

На перадпрэм’ернай прэс-канферэнцыі Рыд Таліпаў прызнаўся, што «Квартэт» не з’яўляецца п’есай, пастаўленай «пад юбілей». Ролю юбілейнай пастаноўкі выканае іншы спектакль: «Як тыя героі «Квартэту», я таксама хачу зрабіць скачок. Ён – углыб п’есы Кандрата Крапівы «Брама неўміручасці». Мне гэта вельмі важна, таму што гэта п’еса аб тым, ці маем мы сёння права на неўміручасць… Гэта будзе юбілейным спектаклем. Але я ніводны спектакль не раблю як дзяжурны…» – запэўніў журналістаў мастацкі кіраўнік тэатра.

Новы сезон абяцае шмат цікавосткаў. Акрамя «Брамы неўміручасці», якую плануюць паказаць у снежні, гледачы пабачаць сёлета «Вельмі простую гісторыю» Марыі Ладо ў пастаноўцы Юрыя Лізянгевіча, адноўленую «Ладдзю роспачы» Уладзіміра Караткевіча (пастаноўка Міхася Краснабаева) і «Шлях на Батлеем» – Таццяны Сядовай па п’есе Сяргея Кавалёва. У 2011 годзе на коласаўскай сцэне дадуць таксама шэкспіраўскую «Рамэо і Джульету» (рэжысёр – Валерый Беляковіч), «Шышка» Аляксандравай (Ігар Баярынцаў), «Перабор» Херберта Бергера (Міхась Краснабаеў), спектаклі «Ханума» Цагарэлі (Галіна Галкоўская), «Прывабная жанчына з кветкай і вокнамі на поўнач» Эдварда Радзінскага (Юрый Лізянгевіч), «З любімымі не раставайцеся» Аляксандра Валодзіна (Рыд Таліпаў). Сачыце за тэатральнай афішай «ВП».

Нагадаем, што 5 кастрычніка, на адкрыцці 85-га тэатральнага сезону (19.00) – адбудзецца ўручэнне «мясцовых Оскараў» – прызоў і дыпломаў творчага конкурсу маладых артыстаў, а таксама – артыстам старэйшага пакалення: імя народнага артыста СССР

А. Ільінскага «За шматгадовае самаадданае служэнне Коласаўскаму тэатру» і імя народнай артысткі БССР Алены Радзялоўскай «За прафесійны гонар, інтэлігентнасць, самаадданае служэнне Коласаўскаму тэатру». Прозвішчы пакуль не называем…

Зьміцер КАЗАКЕВІЧ, «ВП». Фота Вікторыі ДАШКЕВІЧ



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version