Витебское ПЛХО

У будучыню на «Победе»

Эх, пракачу!

Калі самым феерычным ды іскрамётным відовішчам у праграме святочных мерапрыемстваў Дня горада быў доўгачаканы начны салют, дык самай чароўнай дзеяй, на мой погляд, сталася тэатралізаванае шэсце ранкам 26 чэрвеня.

Калона міфічных і гістарычных герояў пад імпэтнае гучанне вайсковага аркестра прайшла ад вуліцы Савецкай да плошчы Перамогі – заварожваючы, захапляючы, узбуджаючы ўвагу і цікавасць мінакоў. У галаве калоны з поўным правам выступала конная княгіня Вольга ў суправаджэнні сярэднявечнага віцязя («Альгерд гэта ці Неўскі?» – гадалі віцебчукі, але так і не прыйшлі да адзінага меркавання). Шляхетныя паненкі з кавалерамі пад ручку, феі, рыцары, чараўнікі, мастакі… Перад вачыма шпацыравала сама гісторыя. І захапляльным зачынам гэтага амаль містычнага шэсця стаўся парад рэтратэхнікі. Калі па прыцішанай (бо перакрытай даішнікамі) Леніна нібы праплывалі бліскучы «Хамер» (Hummer), чорная, як ноч, «Эмка» (ГАЗ-М-1) ды фантамасаўскі «Сітраен ДС» (Citroen DS) – казытала пад лыжачкай: ці не кульнуўся час у калдобіну мінулага?..

Ужо праз 15 хвілін каля паўсотні старадаўніх аўто прыпаркаваліся ў шэрагі на нашай надта ўмяшчальнай плошчы Перамогі, выліўшыся ў другую гарадскую выставу «Аўтарэтра-2010». Па словах старшыні віцебскага культурна-гістарычнага клуба «Аўтавіцязь» Яўгена Смольскага, апранутага ў джонідэпаўскім стылі чыкагскіх гангстэраў 60-х, склад удзельнікаў выставы ў параўнанні з леташнім значна пашырыўся: у Віцебск прыехалі госці з Магілёва, Брэста, Слуцка, Мінска. Ён адзначыў таксама, што сярод экспанатаў ёсць свае ветэраны – удзельнікі бітваў Вялікай Айчыннай: «Мы ладзім гэтую выставу, каб людзі мелі магчымасць адчуць асалоду ці настальгію, каб маглі даць нырца ў мінулую эпоху…»

Калекцыянер рарытэтных аўто з Мінска Валерый Шумскі прыехаў у горад на Дзвіне са сваёй калекцыяй і разам з сям’ёй. Ягоныя машыны – «Сітраен ДС» 1966 года, «Форд Мустанг» 1965 года, «Форд Зандэрбёрд» 1956 года і «Вассэн-міні» 1962 го-да – вельмі гарманічна, як ён мяркуе, упісаліся ў кантэкст віцебскага свята. Ён выказаў іранічнае шкадаванне, што ў ягонага «Сітраена» няма крылаў, як на машыне, на якой калісь лётаў славуты Фантамас: «Гэта не машына – багіня! Ці вы бычылі яшчэ ў якой такія прыгожыя формы? У свой час яна была дасягненнем генія тэхнічнай думкі – пнеўмападвеска, гідрамуфта. Мноства такіх рэчаў, пра якія іншыя аўто маглі толькі марыць. У 1960-я гады «Сітраен ДС» быў прадстаўніцкім аўто ў Францыі. Шарль дэ Голь толькі дзякуючы ёй пазбег смерці падчас замаху ў 1962 годзе…»

Тым не менш найпрыгажэйшай машынай у свеце Валерый лічыць «Форд Зандэрбёрд». Калі пачынае распавядаць пра яе – загараюцца вочы: «У 1954-1955 гг. яе пачалі выпускаць у адказ на «Шэўрале Карвет». У 1956 годзе вырабілі 3,5 тыся «Форд Зандэрбёрд». І ўсе былі распрададзены. У той час як «Карветаў» прадалі толькі 87 машын. «Форд Зандэрбёрд» перамог!..» Жонка Валерыя Жанна цалкам падзяляе палкую зацікаўленасць мужа старадаўнімі аўтамабілямі, але перавагу аддае «Форду Мустангу». Яна ўдзельніца некалькіх ралі, пазалетась узяла нават другое месца ў мінскім, а ў расійскай сталіцы заваявала тытул «Міс Чароўнасць». Ваня Шумскі, які скончыў сёлета 6 класаў, таксама ўжо адчувае смак рэтра-стылю…

Дарэчы, і Валерый Шумскі, і Яўген Смольскі – ініцыятары стварэння рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Машына часу», якое на дадзены момант заканчвае працэдуру рэгістрацыі, але нефармальна ўжо існуе і жыве сваім жыццём. «Наш рух мацнее, і мы пачынаем наведваць абласныя цэнтры. З намі прыехалі яшчэ аўто з Мінска і Слуцка – «Победа» 1952 года і «Опель» 1936 года», – распавёў Валерый Шумскі.

Але самым сапраўдашнім (і самым каларытным!) удзельнікам віцебскай «Аўтарэтра-2010» быў 80-гадовы аўтамабіліст Мікалай Іванавіч Рохлікаў, які дабіраўся на плошчу Перамогі з Лёзна на сваёй старэнькай, але аўтэнтычнай і жвавай «Победе» 1954 года выпуску. «Газануць на ёй яшчэ можна са спрытам. 80 кілометраў у гадзіну! Але ў мяне закон: ехаць з хуткасцю не больш за 60 кэмэ ў гадзіну. Не, даішнікі не прыпыняюць – усе ж мяне ведаюць. Дый дакументы ўсе ў спраўнасці…» – распавядае дзед-кіроўца. Мікалай Іванавіч набыў сваю «Победу» ў Смаленску ў 1974 годзе. І на новыя, больш сучасныя мадэлі ніколі не мяняў. Адзіная на ўсё жыццё. Рамантаваць, канешне, даводзіцца, але сур’ёзных паломак не было – адно па драбязе. Калекцыянеры з вялікіх гарадоў не аднойчы пнуліся купіць легкавушку ў Рохлікава («Купцоў шмат было, ого-го…»), і не за малыя грошы, але ён упарціўся: «Не прадаецца! Мне яна самому патрэбна. Я на ёй і дровы важу, і сена, і па гаспадарцы што трэба… А новая машына мне навошта?»

Мікалай Іванавіч мае дзве адукацыі – агранома і настаўніка. Амаль чвэрць стагоддзя адпрацаваў у школе («вучыў на трактарыстаў»). Зараз атрымлівае 500 тысяч рублёў пенсіі: «Паўмільёна палучаецца! Ну, а як атрымаю пенсію – і ўсё: бензіну куплю і езджу». Хаця маецца і ровар. І, зразумела, гаспадарку. «У параўнанні са студэнцкімі гадамі я як пан жыву», – кажа Мікалай Рохлікаў.

У той жа дзень на плошчы Перамогі пад агульнай шыльдай «Плошча будучага» прайшлі і іншыя імпрэзы Дня горада – канцэрты, свята вулічнага спорту, конкурс графіці, байк-шоў ды іншыя. Але агульны дух і настрой гэтай «Плошчы будучага» вызначалі якраз аўтамабілі нашага прошлага. І гэта сімвалічна.

Зьміцер КАЗАКЕВІЧ, «ВП». Фота аўтара



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version