Витебское ПЛХО

У ценю Мулявіна

Дзень Беларусі

Дзень культуры Беларусі на фестывалі (11 ліпеня) меўся быць асветлены яркім сонцам памяці аб вялікім чалавеку і музыканце – Уладзіміры Мулявіне. Такая была высакародная задумка і шыльда свята…

Сонца ў гэты дзень сапраўды паліла, як шалёнае. А вось светлая постаць легендарнага кіраўніка «Песняроў» апынулася ў ценю. Можа, у такую спёку гэта і было лагічным, але…

Навучыў маліцца

Усё пачалося як мае быць. У першы дзень «Славянскага базару ў Віцебску» (9 ліпеня) на алеі лаўрэатаў спецыяльнага прыза прэзідэнта «Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення» з вялікай урачыстасцю адкрылі памятную пліту ў гонар Уладзіміра Мулявіна – першую беларускую зорку сярод пяці расійскіх. Высокія асобы гаварылі падчас адкрыцця шмат прыгожых словаў. «У дзяцінстве ён навучыў мяне спяваць беларускія песні, у юнацтве дапамог зразумець, што я беларус. А калі я пачаў сталець – навучыў мяне маліцца», – казаў пра ўздзеянне творчасці Мулявіна на некалькі пакаленняў беларусаў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка. Дзяліўся ўспамінамі народны артыст СССР і Беларусі Ігар Лучанок, пранікнёна спявалі паланэз Агінскага сучасныя «Песняры» (цяпер пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава), расквеціў неба феерверк… Усё прайшло проста па-анёльску.

І вось: у Дзень культуры Беларусі на фестывалі гледачы не знайшлі ў праграме ані сольнага канцэрта «Песняроў», ані ясна акцэнтаванага канцэрта-прысвячэння Уладзіміру Мулявіну. Аб размытасці канцэпцыі беларускага дня на «Славянцы-2010» і наогул – пра няўвагу і непавагу да беларускіх выканаўцаў шмат гаварылі і на прэс-канферэнцыі з удзелам беларускіх артыстаў.

Каб любілі сябе…

«А хто быў на канцэрце-адкрыцці? – пыталася ў прысутных спявачка Іна Афанасьева. – Колькі там было беларускіх артыстаў? Тры, чатыры?.. Слава Богу, што пакінулі салістаў Прэзідэнцкага аркестра. Атрымалася, што адкрыццё «Славянскага базару» – гэта расійскае шоў. Спадары расіяне, калі вы хочаце бачыць у сябе па тэлебачанні штораз аднолькавыя канцэрты – вы іх і будзеце атрымліваць…»

Адна украінская журналістка наогул выказала меркаванне, што фестываль ператавараецца ў «злёт расійскай поп-тусоўкі». Як тое пераадолець? «Я заўсёды кажу: беларусам трэба навучыцца любіць сябе, паважаць сябе як нацыю – і тады ўсё ў нас будзе добра», – адказала Іна Афанасьева.

«Давайце ў будучыні наш беларускі дзень нікому на аддамо», – звярталася да першага замміністра культуры Беларусі Уладзіміра Карачэўскага, які таксама прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, адна з беларускіх журналістак. Той абяцаў выправіць у будучым памылкі і недаробкі сёлетняга фестывалю, у Дзень Беларусі якога быў зладжаны сольны канцэрт Аляксандра Сярова (а не «Песняроў» ці Афанасьевай), «Зорны час» з Кімам Брэйтбургам (а не з Вячаславам Шарапавым ці рэжысёрам прэм’ернага беларускага фільма «Ваўкі» Аляксандрам Колбышавам), канцэрт ізраільскіх артыстаў (а не, напрыклад, беларускіх «Харошак») і г.д.

Дарэчы, свае заўвагі і пажаданні на гэты конт выказала падчас прэс-канферэнцыі і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая: «Я зараз спяшаюся на рэпетыцыю, бо толькі пару дзён таму даведалася, што павінна рабіць падтанцоўкі для аграмаднай колькасці артыстаў. І хачу сказаць вось аб чым. Узровень мастацтва Беларусі ніяк не ніжэйшы, чым у Расіі альбо ва Украіне. Але ў нас не вельмі сур’ёзна ставяцца да такіх мерапрыемстваў, як беларускі дзень на фестывалі. Да яго трэба рыхтавацца не некалькі дзён, а некалькі месяцаў. І тады мы пакажам якасную праграму, і нас будуць паважаць…» Вельмі дзіўна, што за ўвесь час існавання славутага калектыву на віцебскі міжнародны фестываль «Харошкі» прыехалі толькі ў другі раз (першы – год таму). А ў Расію, па словах кіраўніка, не могуць прабіцца аж з гарбачоўскіх часоў. Бо няма грошай на дарогу…

З дудой ды жазлом

Упершыню на «Славянскім базары» выступіла і легндарная «Троіца», канцэрт якой у коласаўскім тэатры (аншлагавы, дарэчы) стаў сапраўды ўпрыгожаннем і, калі хочаце, разынкай Дня культуры Беларусі. «Варта было аб’ехаць 80 фестываляў – ад Малайзіі да Партугаліі, каб нарэшце «Троіцу» запрасілі і на свой беларускі фэст…» – з іроніяй сказаў лідэр гурта Іван Кірчук. Ён, як заўсёды, заварожваў слухачоў сваім глыбокім голасам і гучаннем шматлікіх аўтэнтычных інструментаў. Шаманіў, медытаваў, варажыў… А гук быў шыкоўны! Воплескі – аглушальныя. «Троіца» выходзіла на біс тройчы…

Заключны акорд Дня культуры нашай краіны таксама выдаўся даволі ўдалым. Канцэрт у Летнім амфітэатры запомніцца не толькі вялікай колькасцю беларускамоўных песень, у тым ліку і мулявінскіх (нарэшце!), але і прыемнымі неспадзяванкамі. Гэтак, шмат хто адкрыў для сябе гурт «Пиво вдвоём», які проста паліў слухачоў сваім гумарам і сваёй энэргіяй. А пра танец супрацоўніка ДАІ з жазлом рэгуліроўшчыка (высветлілася, што гэта не артыст, а сапраўдны вартавы парадку на дарогах – капітан міліцыі з Мінска) у фінале канцэрта будуць яшчэ доўга распавядаць тым, хто так і не патрапіў у Летні амфітэатр у гэты дзень і цяпер пільнуе той харэаграфічны нумар па тэлескрыні. Зразумела, былі тут і Агурбаш, Афанасьева, Дарафеева, «Песняры», «Сябры», Аляксандра і Канстанцін, «Палац», «Харошкі» ды іншыя. Было што паслухаць. Было чым ганарыцца. Ёсць што любіць.

Як запавет

Трэба адзначыць, што ў межах Дня Беларусі прайшоў таксама і Дзень моладзі, зладжаны БРСМ. Гэта стварала такі нясумны, задзірысты фон усяму святу. Мінскія ролеры, джолі-джамперы з Гродна, магілёўскія рыцары і асілкі і г.д. – у Віцебск з’ехаліся прадстаўнікі моладзевых субкультур з усёй краіны. Плошча Свабоды дзякуючы моладзі была расквечана дзяржаўнымі сцягамі, а парк імя Фрунзэ ператварыўся ў «Немаркотную вуліцу», на якой можна было, як варыянт, размаляваць сябе з ног да галавы, стаўшыся аб’ектам бодзі-арту. Балазе, надвор’е не толькі спрыяла, але настойліва змушала скінуць з сябе ўсё лішняе...

А ценю не хапала ў гэткі сквар... У беларускай культуры ёсць шмат асобаў, у засені якіх можна адпачыць і наталіць духоўную прагу ў любую, здавалася б, невыносную спёку. Безумоўна, адна з такіх постацяў – Уладзімір Мулявін. Ягоныя песні ў гэты дзень павінны былі гучаць паўсюль. Па задумцы і згодна з шыльдай. Гэта было б як глыток сцюдзёнай крынічнай вады для кожнага беларуса, для кожнага госця. Вельмі гэтага не ставала... «Трэба шанаваць іншае, але любіць – сваё», – сказаў на канцэрце айчынных майстроў мастацтва міністр культуры Павел Латушка. Добры запавет на будучыню. Бо апынаецца – любім слабавата...

Зьміцер КАЗАКЕВІЧ, «ВП». Фота Сцяпана БАЯРСКАГА



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version