Витебское ПЛХО

Худыя Таўсцюкі

Рэпартаж нумару

Карэспандэнты «ВП» пабывалі ў невялікай вёсачцы з мілай назвай Таўсцюкі (Бешанковіцкі раён) – хацелася спраўдзіць інфармацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якая сцвярджае, нібыта беларусы – самыя ўкормленыя і тоўстыя на тэрыторыі СНД...

Таўсцюкі нас сустрэлі пахам сланечнікаў і суботняй лазні. Цалкам жывая вёсачка з ахайнымі дамкамі і гародзікамі. Што праўда, цяпер, калі пачаліся дажджы, перасоўвацца па адзінай у вёсцы вуліцы лепш у гумовых ботах. Дарога тут даўно сумуе па грэйдэрах і водаадводах ды марыць аб асфальце. Дарэчы, тыя пяць кіламетраў, якія мы праехалі ад Астроўна да Таўсцюкоў, таксама могуць падацца пяшчотнаму вандроўніку «шляхам Сусаніна» – дарожнае палатно аднаўлялі тут хіба што пры Савецкім Саюзе... Але вернемся да тэмы пазней.

"Хто іх берыць – тыя кілбасы?.."

Першая ж тутэйшая жыхарка – 68-гадовая Галіна Васільеўна Іванова, цвердзіць, што «такіх дужа тоўстых у вёсцы й няма». Дый як тут патаўсцееш? «Магазіна ж у Таўсцюках таксама няма. Возюць нам лаўкай – у аўторак і пятніцу. Хлеб там і ўсё такое. Ну, кілбасы, але хто іх берыць, тыя кілбасы? Дарагія ж... І бульба аніякая сёлета. Каб раньшэ памачыў бы дожджык – дык, можа, і была б. А так – не знаю. Трэба будзе купляць. А дзе купляць? На базары, мусі...» – усплёсквае рукамі Галіна Васільеўна. У Таўсцюках яна жыве ўжо паўстагоддзя, працавала ў калгасе на ферме, зарабіла на пенсію ў паўмільёна. Каб неяк жыць, трымае каня, гадуе курэй.

Толькі на секунду задумаўся над нашым пытаннем («Дзе знайсці ў Таўсцюках тоўстага чалавека»?) хударлявы хлапчук, што гойсаў па вёсцы на ровары з меншым братам: «Няма такіх у дзярэўні». Пазнаёміліся. Назваўся Сашам Банадысенкам. Кажа, што пойдзе ўжо ў 7 клас – у Астроўна. У тым годзе дабіраўся ў школу на веласіпедзе, але ўзімку на двух колах не паедзеш. Малодшага ж браціка таксама трэба ў садок адводзіць у Астроўна. Распавёў, што бацька працуе ў Маскве на будоўлі.

А з маці хлапца Аленай сустрэліся крыху пазней. Працуе сацыяльным работнікам. «Сам Шчурок (начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама – заўв. «ВП») абяцаў, што будзе сёлета ў раёне аўтобус, дык мы і радуемся. У вёсцы тры вучні і два дзетсадаўца. Неяк жа трэба дабірацца! Гэта самая балючая тэма для нас. Галоўнае – каб аўтобус хадзіў і каб дарога нармальная была. Хай бы хоць па вёсцы дарогу зрабілі. А то нават да могілак бывае не пад’ехаць... Мусіць, вас сам Бог сюды паслаў, каб у нас было яшчэ лепей...» – гаворыць Алена.

"Назва прывабная, а жыццё – убогае..."

У двары дагледжанага і з густам упарадкаванага дома збіраецца яшчэ некалькі карэнных «таўсцюкоў». Усе зграбныя (ні намёка на лішнюю вагу) і энэргічныя: «Усе работаем – таўсцець няма калі». Распавялі, што ў вёсцы 31 дом, тры сям’і маладыя, астатнія – пенсіянеры. На ўсю вёску – два тэлефоны. Але ратуюць мабільнікі – сувязь тут нармальная, непадалёку – Крупеніна. Ці не кожны наракае на дарогу. Справа ў тым, што да Астроўна можна было б дабірацца і па колішняй дарозе напрасткі – гэта напалову бліжэй. Але праедзеш там хіба што на кані... «Во яны засыпалі тут па вёсцы – усё размыла. Неўзабаве і дарогу размые. Зімой, калі снег не чысцілі, дык і аўталаўка не даязджала сюды», – скардзіцца адзін з нашых суразмоўцаў Анатоль Галыня. «А старыя ж так і жывуць – ад аўталаўкі да аўталаўкі. А яна да нас апошняй прыходзіць. Іншым разам батон дзеляць – каму больш патрэбны. Ці тое ж малако ды смятану. То хлеба не хопіць на ўсіх, то малака, то кефіру. Бывае так, што й наогул няма чаго браць... Так, прывабная назва ў нашай вёскі – а жыццё ўбогае. Бабулі вунь адпачываць ужо трэба, а яна які гарод даглядае...» – паказвае ў бок суседняй хаты маці трох дзяцей Рыта.

Таццяне Андрэеўне Барсуковай – 86. У аднавяскоўцаў яна карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам. І не толькі таму, што ў свой час была загадчыцай фермы і намеснікам брыгадзіра. «Бабуля-эрудыт», – кажуць пра яе, бо дагэтуль выпісвае і чытае газеты, глядзіць тэлебачанне і наогул ставіцца да жыцця неабыякава. Але і «эрудытам» у Таўсцюках жывецца нялёгка. Тым болей – адзінокім. Каб выжыць, даводзіцца «кааперыравацца» з суседзямі. Таццяна Андрэеўна жыве зараз, як яна кажа, «з суседнім дзедам» – Ягорам Фёдаравічам: «Я за ім прыглядаю, а ён за мной. У яго жонка памерла, а мой мужык – таксама. Так і падтрымліваемся... Ён маладзейшы за мяне, а я старая. Каб не ён – пайшла б у дом састарэлых. Маемся неяк, раз ужо ўдваіх. У яго пенсія большая – трактарыстам быў, і стаж – 39 гадоў... Ёсць агарод, і козачкі, і курачкі. Каб не дзед, дык не трымала б. Свінёнка даўно няма, каровы даўно няма. Ну рашылі казу гадаваць, а ці лёгка нам яе трымаць дзеля літру малака? Нялёгка. Сёлета гарод во запахала, градак трохі намучылася, бульбы трошку, але бульба прапала – бабуры адны, драбнюткая бульбачка... Дровы? А грошы ёсць – дык і дровы будуць. Грошы ёсць – усё будзе. Каб былі – дык і казу не гадавала б, анічога. А што я на гэтай пенсіі?..»

Усё жыццё сваё паклала Таццяна Андрэеўна на калгасныя палеткі (з 17 год працавала): «І нагаравалася, і нахадзілася па чужых вуглах...» А на дастойную пенсію так і не напрацавала. Пры Саюзе атрымлівала 55 рублёў. Як тлумачыць, са стажу прапалі гады, «бо калгас пераязджаў з месца на месца і раёны мяняліся, бухгалтэрыі ж не было – толькі ўчотчыкі...» Каб дабіцца праўды, паездзіла па інстанцыях. Дабавілі да 87 рублёў. Да нядаўняга часу атрымлівала 392 тысячы, пасля падвышэнняў – 440 тысяч рублёў. Але ж і гэта не галоўнае. Старому чалавеку бракуе элементарнай увагі: «Каб хто прыехаў ды спытаў: можа, табе помач, баба старая, нада? ці ёсць што есці, ці ёсць што піць, ці мо’ зрабіць што трэба? Ані старшыня сельсавету не спытае, ані дырэктар калгасу... Не дай бог ужо старому тут жыць!.. Добра, што во суседзі трохі дапамагаюць...»

"Нідзе ў наш час такога не бачыла"

Дзіўна, але ніхто з таўсцюкоўцаў не змог патлумачыць нам назву сваёй вёскі. Нават тутэйшыя нараджэнцы. Гэтак, Жанна Уладзіміраўна Доўгая, якая ўлетку жыве тут з мужам у бацькоўскай хаце (на зіму з’язджаюць у Віцебск – у гарадскую кватэру), кажа, што «гісторыяй вёскі так і не выбрала часу пацікавіцца»: «Хаця магла спытацца – прадзед мой, дзед Саўка, 117 гадоў пражыў... Раней праз Таўсцюкі ўсе ў царкву ехалі, а цяпер запусцілі, дарога аніякая. Нідзе ў наш час такога не бачыла...»

І ўсё ж ёсць у Таўсцюках свая хавальніца вясковай легенды – бабця Ганна. Усё сяло ў гэты дзень ведала, што «баба Ганна пайшла ў лазню». Параілі: «Вы яе дачакайцеся – яна ўсё ведае». Нам пашанцавала: па дарозе да машыны, ужо развітваючыся з вёскай, сустрэлі бабулю. Светлыя вочы, цёплы чароўны голас: «Я многа пражыла – 93-ці год пайшоў. Чаму Таўсцюкі? Пан тут жыў, тоўсты такі, з таго і назвалі. Маёнтак ягоны ў Астроўне быў. Вот так, дзеткі мае. Куды ж вы цяперака пойдзеце? Тут заставайцеся...»

Не засталіся. Бо чакала праца. Чакаў выцвілы ад спёкі горад, куды мы вярталіся з залацістым акрайчыкам таўсцюкоўскага сонца – сланечнікам, што быў прасякнуты водарам вясковага жніўня і суботняй лазні. І з надзеяй, што неўзабаве вернемся сюды ўжо па адрамантаванай дарозе.

Не, кажам сабе, адназначна не мае рацыі Сусветная арганізацыя аховы здароўя...

Зьміцер КАЗАКЕВІЧ, «ВП». Фота Ірыны ЧАБАТАР



НОВОСТИ

Мы рады Вас приветствовать на нашем сайте. Мы надеемся Вы найдете здесь полезную информацию об охоте в Витебской области.

»»»

Архив новостей

 
Статьи Артикли
© BelSoft Web Team

Витебск.NET ЗАО БелСофт
На главную!

В ВИТЕБСКОЙ ОБЛАСТИ

  • Наши хозяйства
  • Посредники
  • Цены
  • Контакты
  • Статьи
  •  
  • Deutsch 
  • Deutsch  version